Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.03.2021

Вогненныя вёскі Мастоўшчыны. Сведкі трагедыі расказваюць

  За гады вайны нямецка-фашысцкія захопнікі растралялі, замучылі і спалілі 2681 жыхара  М астоўшчыны . Увесь свет абляцела вестка аб трагедыі вёскі Княжаводцы, раздзяліўшай лёс Хатыні. Былі расстраляны і спалены разам з жыхарамі таксама вёскі Баяры, Задвор’е Пясчанка, Шчара,  Чарлёнка і Шымкі.. У жывых засталіся адзінкі. Гэта былі дарослыя або дзеці, якім удалося выжыць параненымі або іншым  чынам застацца жывым. Яны і расказваюць аб трагедыі.   Сымон Кая, вёска Княжаводцы: – У тую ноч я  лёг спаць у адрынцы. Неяк дрэнна спаў. Стала толькі трохі світаць, і я падняўса. Гляджу  – жонка бяжыць  у хату. – Скарэй,  – кажа, – немцы за агародамі і крычаць «хальт!». Ну, ведаеце, яны да нас прыязджалі разоў некалькі з Гродна. Набяруць машыну людзей і павезлі. Не на работу. Там іх білі, таўклі, каб гаварылі пра партызан... Пачалі яны нашу вёску ачапляць. Пройдзе адзін метраў пяцьдзясят і стане. А некалькі нашых хат на хутарах былі за гэтай цэп'ю. Вось і мая таксама. Яны нас спачатку абмінулі, а потым партыя немцаў аддзяліласа і пайшла нас з хат выганяць. Тады я выскачыў праз акно і — пад Нёман... Калі расстрэльвалі, дык я быў ад гэтай магілы блізка, у лесе. Крыку не было аніякага. Толькі залп быў. I адзіночныя выстралы. Ад стральбы гэтай я пайшоў далей... Мне расказваў адзін чалавек з Луннай, які быў тады падводчыкам. Памёр ён, гэты чалавек. Ён быў каля магілы. Каторыя застрэленыя падалі не ў магілу, а каля магілы, то гэтым людзям, падводчыкам, загадалі сцягваць іх у яму. Чалавек гэты чатыры дні нічога гаварыць не мог. Не аказваўса. Толькі потым прыйшоў да памяці. I расказаў, што там было... У форме ўсе яны былі нямецкай. Сядзелі пасля ўсяго, як пастралялі людзей, елі сала, каўбасы, што награбілі... Лідзія Цярэшка, вёска Баяры: – Баяры расстралялі раней, чым Пясчанку і Задвор’е. Памятаю, у нашай хаце было шмат дзяцей і дарослых. Потым у хату немцы загналі яшчэ 25 чалавек, закрылі іх і білі. Затым стары Юльян Цярэшка выбіў вокны, уцёк сам. За ім пачалі ўцякаць астатнія. Мы, дзеці, таксама пачалі лезці ў акно. Першай шмыгнула мая старэйшая сястра Насця, за ёй пабегла я. За намі беглі Клава і Маня Таўкуны з Задвор’я. Кажуць, што партызаны папярэджвалі, аб магчымым расстрэле жыхароў нашых вёсак. Але чамусьці ўсе былі ўпэўнены, што Баяры не зачэпяць. Дый куды ўцякаць. Справа была зімою. Усіх, каго злавілі, завялі за вёску, там доўгая яма была. Людзей клалі і стралялі. Былі людзі з Задвор’я, Пясчанкі і са Шчары. У Ганны Цярэшка з Задвор’я забілі дзяцей, якія былі ў яе пад рукамі. А вось Алена Бялт засталася жывою. Яна ноччу вылезла з ямы і пабегла ў Задвор’е. Гэтая яма доўга крывавіла. Як вясной падымалася вада, то цякла чырвоная вадкасць. Хата наша, як і ўсе ў вёсцы, згарэла.   Іван Цярэшка, вёска Задвор’е: --Мая родная вёска Задвор’е размешчана ў лесе, каля рэчкі Сіпа. На другім яе беразе стаяла вёска Пясчанка. Калі немцам стала вядома аб удзеле землякоў у партызанскім руху, яны часцей наведвалі вёскі, рабілі вобыскі. Мы, калі што, дык разбягаліся па лесе. А ў суботу, 13 снежня, здарылася непрадбачанае Зранку сталі з’язджацца ў вёскі немцы. Хтосьці ўцёк, многія засталіся. З абеду вёскі Задвор’е і Пясчанка акружылі, усіх жыхароў, хто быў у вёсках, сагналі ў адно месца. Раздзялілі на дзве групы. Сяго-таго выклікалі і адпускалі, а астатніх пагналі да рэчкі ў нізіну. Там пачаўся расстрэл мірных жыхароў з аўтаматаў. Сям’ю Андрэя Куршука расстралялі ў хаце. Дома расстралялі сям’ю Уладзіміра Цярэшкі. Ён сам уцёк, уцякла і дачка. А сына, жонку, цёшчу фашысты забілі. У той момант, калі задворцаў і пясчанцаў пагналі на расстрэл, група немцаў прыйшла ў Баяры. Яны таксама акружылі вёску, сагналі жыхароў і накіравалі да мосціка на рэчцы, што ля лесу. Разам з усімі быў і я. Усяго сабралася каля сотні чалавек. Потым пачалася страляніна, падалі ўсе. Упаў і я. Ляжаў і не варушыўся. Ляжалі ўсе, забітыя і яшчэ жывыя. Немцы некаторых правяралі, ці жывыя. Падышлі да Ганны Цярэшкі.  Адзін немец штурхнуў у нагу. Другі кажа: “Дойдзе!” Жанчына засталася жывой. Выпаўз і я. Паглядзеўшы навокал, я накіраваўся ў лес, што ля Баяр. Там тры ночы правёў адзін. Гэта былі самыя трывожныя дні ў маім сіроцкім жыцці.   Алена Грэцкая, вёска Шчара: --Шчара была невялікай вёскай, але хаты стаялі адна каля адной гусценька. Жылі людзі паміж сабой добра. У вайну многія пайшлі ў партызаны, ніхто не хацеў быць вывезены ў Германію. А вывезлі восем дзяўчат, з імі была мая сястра Зося. Зімой 1942 года прыйшла бяда. Фашысты акружылі вёску, сабралі ўсіх яе жыхароў, хто быў дома, і сагналі ў гумно. Было чалавек 90. Калі жыхары ў гумне апынуліся, дужэйшыя мужчыны знялі дзверы і пачалі ўцякаць. Бацька са старэйшаю дачкою ўцёк. Ён схаваўся ў стозе сена. Але яго знайшоў карнік і забіў. Маці з намі паспела ўцячы. Тады немцы пачалі ўсіх даганяць і гнаць да грушы, каля якой была яма. Там і забівалі. У гумно сагналі і шымкоўскіх жыхароў, што насупраць нас жылі праз Шчару. І іх таксама расстралялі разам. Потым мама хадзіла да ямы і расказвала, што зямля варушылася. Па матэрыялах кніг “Я   з вогненнай вёскі…” і “Памяць.Мастоўскі раён”