Главная / Новости / Новости района
02.10.2022

Будзе хлеб, будзе і песня! Мастаўчане атрымалі ўзнагароды на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2022”

 Вялікая Бераставіца прымала абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2022”. Сюды з усіх куточкаў Прынёманскага краю з’ехаліся лепшыя аграрыі, сярод якіх і прадстаўнікі Мастоўшчыны.

Здаўна завяршэнне жніва нашы продкі адзначалі вялікім святам, нязменным сімвалам якога быў каравай з зерня новага ўраджаю, што ўвасабляе сабой дабрабыт і гасціннасць. Добра, што гэтая традыцыя ўшаноўваць і дзякаваць хлебаробам за нялёгкую працу дайшла і да нашага часу, бо выказаць шчырыя словы падзякі за “залатыя” рукі, прыродную мудрасць, беражлівыя адносіны да зямлі, вопыт  і сонечнасць хлеба лепшым з лепшых – наш святы абавязак.

Абноўленая і па-святочнаму прыбраная Вялікая Бераставіца вітала залаты фонд хлебаробаў Гродзеншчыны гасцінна і сардэчна, з шырока адкрытаю душой. Горад літаральна ззяў свежымі фарбамі, паўсюль гучала музыка, працавалі гандлёвыя рады, а дажджлівыя хмары на небе разышліся ад шчырых ўсмешак, адкрытасці і прыветлівасці мясцовых  жыхароў.

Гаспадары абласных “Дажынак” з гонарам дэманстравалі добраўпарадкаваныя аб’екты і сваю творчасць – вуліцы райцэнтра нагадвалі горад майстроў.

Тут размясціліся выстава конкурсных снапоў і караваяў “Сімвал Жыцця”, выстава-кірмаш “Беларускія дзівосы” майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, музейна-этнаграфічная экспазіцыя пад адкрытым небам “Ад хлеба вайны да хлеба Перамогі”, выстава-прэзентацыя ўстаноў сацыяльнай абароны Гродзенскай вобласці, безліч інтэрактыўных пляцовак.

Да слова, сваімі адмысловымі рукатворнымі работамі здзіўлялі і захаплялі гасцей свята і мастаўчане – майстры Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў.

А на вуліцы Леніна сталіцы абласных “Дажынак” з самай раніцы працавалі стылізаваныя падворкі раёнаў “Спявае колас песню хлебу” і гастрафэст “Смачна есці нашы СТРАВЫ”. У гэтым годзе наш раён прадстаўляла закрытае акцыянернае таварыства “Гудзевічы”. Гасцей працавітыя і гасцінныя вяскоўцы сустракалі песнямі, забавамі і шчодра накрытым сталом, дзе ганаровае месца займае хлеб – сімвал жыцця, еднасці і велічы нялёгкай працы.

Галоўнымі героямі цырымоніі ўшанавання перадавікоў сёлетняга жніва  сталі пераможцы абласнога спаборніцтва, якія занялі дастойныя месцы ў яго шматлікіх намінацыях. Яны пад гукі музыкі і апладысменты выходзілі на сцэну, атрымоўвалі дыпломы, прэміі і каштоўныя падарункі. Былі адзначаны лепшыя раёны, сельгаспрадпрыемствы, перадавікі з ліку камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы зерня, спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак.

Да земляробаў з прывітальным словам звярнуўся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік:

– Засталіся ў гісторыі і ва ўспамінах месяцы настойлівай працы і настаў момант ацаніць атрыманы вынік. У гэтым годзе нашы работнікі аграпрамысловага комплексу ў чарговы раз прадэманстравалі, што умеюць эфектыўна і рупліва гаспадарыць. Дзякуючы багатаму вопыту, высокаму прафесіяналізму і інавацыйным тэхналогіям, па раду паказчыкаў атрыманы рэкордны вынік. Намалочана звыш паўтара мільёна тон зерня, а з улікам рапсу і кукурузы ёсць магчымасць унесці ў засекі Радзімы больш за два мільёны тон.

Такі поспех невыпадковы. За ім стаіць зладжаная праца, цеснае ўзаемадзеянне, здольнасць аддаваць сябе без астатку справе жыцця, працаваць з душой і сэрцам. Звініць залатым коласам  крылатае выслоўе: дзе яднанне – там і перамога.  І “Дажынкі” сёння дэманструюць наша адзінства.

Дарагія сябры, дзякуй за працалюбівасць і адказныя адносіны да справы, вытрымку і высокую самаадданасць. Няхай год ад года цяжэйшым будзе хлебны колас і багацейшай наша шчодрая гродзенская зямля!

Трэба адзначыць, што сёлета Гродзенская вобласць зноў пацвердзіла статус лідара ў вытворчасці зерня. Па выніках жніва ўдалося дасягнуць лепшай у краіне ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур – 50,3 цэнтнера з гектара. Намалочана больш за 1,5 мільёна тон зерня, што амаль на трэць перавышае мінулагодні намалот. І гэта вынік эфектыўнай работы кожнага працаўніка сельскай гаспадаркі вобласці на даручаным участку, людзей працавітых і надзейных, улюбёных у сваю зямлю і сваю хлебаробчую справу.

Усё магчымае, каб дасягнуць добрых вынікаў і дастойна адсвяткаваць “Дажынкі”, зрабілі і аграрыі Мастоўшчыны. Так, па ўраджайнасці і намалоту наш раён уваходзіць у шасцёрку лепшых: сёлета намалочана амаль 72 тысячы тон зерня пры ўраджайнасці 56,3 цэнтнера з гектара.

Таму сярод узнагароджаных на абласных “Дажынках” – і нашы землякі.  Медаль “За працоўныя заслугі” была ўручана старшыні Мастоўскага райвыканкама Андрэю Санько.

Падзяка Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Республікі Беларусь за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне значных вынікаў пры арганізацыі і правядзенні ўборкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў 2022 годзе выказана намесніку дырэктара ЗАТ “Гудзевічы” па ідэалагічнай рабоце Марыі Палубятка.

Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання адзначаны вадзіцель ААТ “Чарлёна” Юрый Улановіч.

Камбайнер ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Мешка атрымаў узнагароду ад Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ як пераможца спаборніцтва на ўборцы зерня сярод маладзёжных камбайнавых экіпажаў.

За шматгадовую плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта адзначаны кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Мара” Віктар Кандратовіч.

Узнагароду Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК атрымаў вадзіцель КСУП “Імя Адама Міцкевіча” Іван Стасевіч.

Дзяржкамітэт па маёмасці адзначыў значны уклад у агульную справу дырэктара ААТ “Чарлёна” Віктара Кулісевіча.

Свой музычны падарунак лепшым аграрыям Гродзеншчыны падрыхтавалі творчыя калектывы і зоркі беларускай эстрады.

На святочных пляцоўках Вялікай Бераставіцы гучалі і знаёмыя мастаўчанам звонкія галасы народнага ансамбля народнай песні “Ярыца” Мастоўскага РЦК. Таксама нашы землякі прынялі актыўны ўдзел у фестывалі прыгажосці “Вянок маладосці”, а маладыя, спартыўныя і энергічныя работнікі ААТ “Чарлёна” сталі ўдзельнікамі “Сельскай эстафеты”, арганізаванай абкамам БРСМ.