Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Слова – маладым. Мая Беларусь – мой гонар, гаворыць мастаўчанін Леў Дзікевіч

21.09.2022
Слова – маладым. Мая Беларусь – мой гонар, гаворыць мастаўчанін Леў Дзікевіч
 Жыць у міры – гэта велізарнае шчасце і разам з тым вялікая праца, самая складаная місія. Складаная яна таму, што не кожны чалавек ведае цану гэтаму шчасцю, не кожны гатоў саступіць, адысці ўбок, дапамагчы іншаму. З-за такіх адносін наша шчасце нярэдка знаходзіцца пад пагрозай. Дык што ж рабіць, каб захаваць мір на Зямлі, утрымаць сваё шчасце?

Мы павінны шанаваць тое, што ў нас ёсць: бяскрайнія палі, зялёныя лясы, глыбакаводныя рэкі і азёры. Мы павінны ведаць сваю гісторыю і з павагай ставіцца да яе памяці. Мы павінны любіць, бараніць і славіць сваю краіну. Бо край, у якім мы былі народжаны, не прамяняеш ні на якія экзатычныя краіны, ні на якія моры і акіяны. Таму што нідзе так ярка не свеціць сонейка, так звонка не спяваюць птушкі, як на Радзіме. І нідзе нас не будуць так чакаць, як у роднай, любай краіне.

Мая Беларусь –  звычайная і ў той час унікальная, непаўторная краіна. Яна знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, можна сказаць, у самым яе сэрцы. Хоць яна невялікая па памерах у параўнанні з іншымі краінамі-суседкамі, але па маляўнічасці краявідаў, па разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету яна ўнікальная. Беларусь мае багатую культуру, гісторыю. Яна ніколі не вяла захопніцкай вайны, а толькі мужна бараніла свае межы і гнала ворага са сваёй тэрыторыі.

Самае галоўнае багацце кожнай краіны –  гэта яе людзі. Беларусаў заўсёды адрознівалі працавітасць, гасціннасць, цярплівасць, міласэрнасць. Але самая галоўная якасць нашага народа заяўлена ў словах Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь:

Мы, беларусы – мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі…

Міралюбівы характар палітыкі нашай дзяржавы мае адметную каштоўнасць у наш трывожны час, калі ў розных кропках планеты разгараюцца канфлікты, чуюцца выбухі, ідзе вайна. І тады пачынаеш паўней адчуваць сваё шчасце: ты жывеш у мірнай краіне, табе нішто не пагражае, ты можаш спакойна вучыцца і працаваць.

Мая Беларусь –  мой гонар! Тут спакойна жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, веравызнанняў, вучацца замежныя студэнты. У нашай міралюбівай краіне знайшлі прытулак многія бежанцы. Мы ўмеем спачуваць, дапамагаць, праяўляць клопат. Мы ўмеем быць шчаслівымі і дарыць шчасце іншым.

Мая блакітнавокая Белая Русь, ты свет у маім акенцы, ты цэлая галактыка з зоркамі-азёрамі! А жыць у мірнай краіне –  самае галоўнае, самае жаданае шчасце, якое толькі можа быць!

© Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.