Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Сад надзеі закладзены ў Лунна

09.08.2022
Сад надзеі закладзены ў Лунна
 Рэспубліканская акцыя “Сад Надзеі” рэалізуецца ў нашай краіне ў Год гістарычнай памяці, які праходзіць пад знакам захавання гістарычнай спадчыны і праўды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Наш калектыў выступіў з ініцыятывай закласці сад на тэрыторыі дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” перад Днём Перамогі  і прысвяціць яго тым, хто абараняў нашу Радзіму ў гады вайны. Мы ўдзячны ўсім тым, хто заваяваў  Вялікую Перамогу, хто ў пасляваенныя гады аднаўляў гарады і вёскі. Цяпер наша задача – захаваць гэту памяць і перадаць яе падрастаючаму пакаленню. Таму правядзенне такой акцыі вельмі важна, паколькі яна з’яўляецца адным са спосабаў прывіцця любові да нашай краіны.

Члены ГА “БРСМ” і педагагічны калектыў ідэю закласці сад прынялі з вялікім энтузіязмам. Тым больш што ў нашых вучняў вопыт па пасадцы пладовых дрэў ёсць. Набылі яны гэтыя веды ў час удзелу ў рэалізацыі плана  мерапрыемстваў па далучэнні  моладзі ў працэс догляду за пладова-ягаднымі насаджэннямі ў Мастоўскім раёне.  Усе мерапрыемствы праходзілі на базе сада “Грушаўка” ААТ “Чарлёна”.

У рамках дабрачыннай акцыі высаджана 26 яблыняў розных сартоў.

Пасадку пладовых дрэў мы параўноўваем не толькі з захаваннем памяці аб гістарычным мінулым, але і з нараджэннем новага жыцця. Спадзяёмся, што памяць аб гэтай акцыі назаўсёды застанецца ў памяці кожнага ўдзельніка. Самае галоўнае, што  педагагічны калектыў сваім прыкладам паказвае,  чаму  важны ўклад кожнага чалавека ў агульную справу, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дабіцца значных поспехаў. Думаецца, што вучні старэйшых класаў будуць з адказнасцю даглядаць пасаджаны сад,  таму што кожны чалавек, пасадзіўшы пладовае дрэва, чакае ад яго добрага ўраджаю, так як старэйшае пакаленне чакае ад моладзі поспехаў і дасягненняў на карысць Радзімы.

Закладзены яблыневы сад на тэрыторыі школы – гэта   трайны сімвал: яблыневы цвет – сімвал Перамогі, яблык – гэта сімвал ведаў, мудрасці, любові і сонечнага цяпла, а дрэва – сімвал адзінства пакаленняў, якія будуць вучыцца ў нашай школе.

Няхай гэтыя сімвалы стануць для вучняў жыццёвымі прынцыпамі ў жыцці, а  “Сад Надзеі” стане  памятным месцам для лунненскіх школьнікаў і будзе радаваць сваімі  пладамі  не адно пакаленне.


© Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.