Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
27.05.2021

VІ Форум бібліятэкараў Беларусі праходзіць у НББ

 VІ Форум бібліятэкараў Беларусі "Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці" адкрыўся сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Традыцыйна форум праходзіць раз у тры гады. На гэты раз у мерапрыемстве ўдзельнічаюць амаль 240 чалавек. Сярод іх - кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк розных сістэм і ведамстваў, прадстаўнікі навуковых і навучальных устаноў, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый.

"Сёння тут прысутнічаюць калегі і аднадумцы. Я вельмі рады, што мы падтрымліваем традыцыі, якія былі закладзены нашымі папярэднікамі, і прадаўжаем захоўваць нашу прафесійную супольнасць і зносіны, - сказаў у час адкрыцця генеральны дырэктар НББ Раман Матульскі.

На пленарным і секцыйных пасяджэннях абмяркоўваюцца праблемы нарматыўнага прававога забеспячэння бібліятэчнай галіны, карпаратыўнага ўзаемадзеяння бібліятэк Беларусі, укаранення інфармацыйных тэхналогій у іх дзейнасць, ідзе размова аб ролі бібліятэк у сацыякультурным асяроддзі рэгіёнаў, аб бібліятэчнай прафесіі. Акрамя таго, будуць прадстаўлены вынікі дзейнасці і прыярытэты развіцця Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.

Паводле слоў Рамана Матульскага, калі ў мінулым годзе пандэмія закранула ўсе сферы дзейнасці, у тым ліку і бібліятэчную справу краіны, гэты выклік быў нечаканым і непрадказальным. "Бібліятэкары дастойна прайшлі гэты шлях, справіліся з неардынарнай і складанай задачай. Публічныя бібліятэкі, калі ў людзей з'явілася больш вольнага часу і магчымасцей іх наведаць, выпрацавалі новыя метады і формы работы. Асаблівую ролю таксама адыгралі бібліятэкі навучальных устаноў у сувязі з пераходам на дыстанцыйную работу, - сказаў ён. - Год таму нам здавалася, што гэта часовая з'ява, якую мы пераадолеем, аднак так, як было, ужо не будзе. Свет і краіна змяніліся, і нам неабходна жыць у тых умовах, якія ёсць, і выконваць сваю місію: беларусы па-ранейшаму павінны заставацца чытаючай нацыяй. Аднымі з прыярытэтных задач з'яўляюцца рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы Беларусі, патрыятычнае выхаванне моладзі. На мой погляд, для паспяховага ажыццяўлення нашых планаў неабходна перагледзець арганізацыйныя, тэхналагічныя падыходы, формы і метады, якія можна выкарыстоўваць на аснове існуючых у бібліятэчнай галіны рэсурсаў".

У час форуму запланавана правядзенне справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, на якой будзе выбраны новы склад кіруючых і рабочых органаў прафесійнага грамадскага аб'яднання.

28 мая пройдуць секцыйныя пасяджэнні і майстар-класы. Вынікам агульнага абмеркавання стане рэзалюцыя форуму, якая зафіксуе прынятыя рашэнні па далейшым развіцці бібліятэчнай справы краіны.

Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Нацыянальная бібліятэка