01.07.2022

Знаёмцеся: дзяўчына “на ўсе 100” Ганна Дзякевіч

 Дзяўчына “на ўсе 100”

Безумоўна,кожны выпускнік марыць на ЦТ атрымаць як мага большы бал, які б дапамог паступіць туды, куды запланаваў, але не кожнаму шчасціць атрымаць найвышэйшы – жаданыя 100. Які шлях даводзіцца прайсці да гэтай  мэты, ведае Ганна Дзякевіч, сёлетняя выпускніца гімназіі №1 г. Масты.

Прыгожая, таленавітая, адказная, творчая, інтэлігентная… Усе гэтыя эпітэты пра яе, залатую медалістку і сумленную дзяўчыну Ганну Дзякевіч.

Толькі добрыя і прыемныя ўражанні пакінула яна ў сэрцах педагогаў і аднакласнікаў. “Дзяўчына на ўсе 100“, – гавораць многія, хто яе ведае.

“За час вучобы ў гімназіі Ганна займала актыўную пазіцыю, прымала ўдзел у гімназічных і гарадскіх мерапрыемствах, была лідарам класа, памочнікам у класных справах”,  – дзеліцца ўражаннямі Лілія Дзямешчык, класны кіраўнік 11 “А” класа. І гэта сапраўды так.

Ганна – чалавек таленавіты і рознабаковы, захапляецца гісторыяй, літаратурай, музыкай. На ІХ навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” ўзнагароджана дыпломам І ступені. Прымала ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства” і была ўзнагароджана дыпломам І ступені. Уваходзіла ў савет музея гімназіі “Гісторыя школы – у гісторыі маёй краіны”. Не адзін дзясятак экскурсій распрацавала і правяла. Але па-сапраўднаму любімым прадметам для Ганны стала родная беларуская мова. Яшчэ з пачатковых класаў удзельнічала ў алімпіядзе па гэтым прадмеце. Прадоўжыла сур’ёзна займацца ім і на другой, і на трэцяй ступенях навучання. Дзяўчына неаднаразова была пераможцай другога (раённага) этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, таму што рыхтавалася  добрасумленна і сістэмна. 

Адказнасць і працаздольнасць дзяўчыны прынеслі свой плён. З хваляваннем Ганна ўспамінае пра свой шлях да залатога медаля, да станоўчых вынікаў на ЦТ: “Я не магу сказаць, што гэта было лёгка. Дапамаглі веды, якія я атрымала на працягу  ўсіх школьных гадоў, няспынныя шматгадовыя падрыхтоўкі да алімпіяды, самастойная работа, пазаўрочная дзейнасць, падрыхтоўка да ЦТ. Вялікі дзякуй хачу сказаць усім маім настаўнікам. Гэта яны былі побач і дапамагалі мне і маім аднакласнікам, вучылі не толькі прадмету, але і дабру, сумленнасці.

Я вельмі хвалявалася перад тым, як паглядзець вынік, таму што гэта першы прадмет, які здавала. Аднак зараз з упэўненасцю можна сказаць, што 100 балаў на ЦТ – гэта рэальна, калі шмат працуеш і верыш у сябе”.

Згадзіцеся, разважанні сур’ёзнага і ўжо дарослага чалавека. Шчыра віншуем Ганну з такім поспехам і ганарымся ёю. Верым, што вынікі па іншых прадметах будуць таксама высокімі і дапамогуць знайсці свой шлях у самастойным жыцці і дасягнуць новых вяршынь. А ў такой светлай дзяўчыны і не можа быць інакш.