09.08.2022

Захоўваючы традыцыі продкаў. Чым Мастоўскі падворак здзіўляў гасцей абласнога фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны”

 Чарговы фестываль “Скарбы Гродзеншчыны” сабраў шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў на Смаргонскай зямлі. Традыцыі Мастоўшчыны на ім прадстаўлялі майстры раённага цэнтра рамёстваў, а таксама фальклорныя гурты “Крынічка” і “Вытокі” сельскага клуба культуры “Азёркі”.

– Свята пачалося з масавага шэсця прадстаўнікоў усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, – расказала дырэктар РЦР Алена Садаўнічая. – Таксама мы прынялі ўдзел у дэфіле, дзе прадставілі мастоўскі строй жаночага і мужчынскага касцюмаў мінулых стагоддзяў.

На падворку традыцыйнай культуры гасцей свята мастаўчане сустракалі не толькі хлебам-соллю і песнямі, але і смачнымі стравамі, рэцэпты якіх захоўваюцца яшчэ ад нашых бабуль і прабабуль. Ох і смачныя былі бліны са шкваркамі і лісічкамі, стравы з надзёртай бульбы, солодкія бліны з мёдам ды варэннем з лясных ягад і яблычным павідлам! А які пах ішоў ад духмяных пірагоў  з яблыкамі ды арэхамі! Спадабаўся і хлеб, прыгатаваны на апары. А запіць усю гэтую смакату можна было кісялём і адварам з ягад і яблыкаў.

– Прывітальныя песні “Калі ласка”, “Добры дзень вам, госці” на нашым падворку гучалі ў выкананні фальклорнага калектыву з Азёрак “Вытокі”. А дзіцячы танцавальны гурт “Крынічка” зачараваў усіх “Котчынскай кадрыляй”. Гэты танец з’яўляецца адной з візітных картак нашай мастоўскай зямлі, ён  унесены ў Спіс дзяржаўных нематэрыльяных каштоўнасцей, – прадоўжыла расказ Алена Саданіўчая.

Кожны жадаючы мог павучыцца “каленцам” кадрылі, а таксама атрымаць майстар-клас па спіральным пляценні з травы ад Вольгі Вайтовіч, па пляценні з лазовай кары ад Ірыны Славуты і па вышыванні крыжыкам і ткацтве ад Ірыны Фядзюк. А яшчэ – набыць на памяць рэчы і сувеніры ручной работы нашых майстроў.

Удзел мастаўчан у фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны” адзначаны дыпломамі ў намінацыі “Лепшы дзіцячы фальклорны калектыў” і “Лепшая калекцыя работ традыцыйных рамёстваў”.