Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.07.2020

З любоўю да роднай зямлі. Мастоўская раённая арганізацыя “Белая Русь” узнагародзіла пераможцаў раённага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі” – 2020”

Чатыры вучні ўстаноў адукацыі раёна названы пераможцамі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі” – 2020”.
Эсэ “Усё пачынаецца з любові”, прысвечанае легендзе пра Яна і Цэцэлію, належыць пяру дзевяцікласніцы Лунненскай сярэдняй школы Валерыі Пабежка. Яна ўдастоена дыплома першай ступені.
На другім месцы – самая юная ўдзельніца конкурсу, шасцікласніца Гудзевіцкай сярэдняй школы Марыя Шчарбіна, якая творча перапрацавала легенду пра слязу Гудзі.
Дыпломы трэцяй ступені атрымалі сёлетнія выпускнікі Азёркаўскай сярэдняй школы Кірыл Пчэльнік і Рагозніцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа Крысціна Раманенка. Іх эсэ былі прысвечаны “воднай” тэме – азёрам і рэкам, што далі пачатак і назву іх родным мясцінам. Дададзім, што ў Кірыла гэта ўжо не першы вопыт удзелу ў конкурсе. Летась ён таксама быў сярод пераможцаў раённага этапа творчага выпрабавання.
Акрамя дыпломаў, што папоўняць скарбонку дасягненняў паспяховых вучняў і актыўных удзельнікаў грамадскага жыцця, дзяўчатам і хлопцам былі ўручаны сертыфікаты на 50 рублёў кожнаму.
Шчыра павіншаваў рабят старшыня Мастоўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Валянцін Ціхановіч.
– Прыемна, што вы ведаеце гісторыю роднага краю, стараецеся зберагчы і захаваць яе, – падкрэсліў Валянцін Сцяпанавіч. – Сапраўды, нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць і чым здзівіць нашых гасцей.
Таксама В. Ціхановіч пажадаў выпускнікам паспяховага паступлення, а астатнім рабятам – цікавага адпачынку, заклікаў да ўдзелу ў творчых конкурсах пад эгідай “Белай Русі”.
Па матэрыялах сайта раённай газеты «Зара над Нёманам»