27.06.2022

Цікавая сустрэча пакінула ў гудзевіцкіх школьнікаў прыемныя ўспаміны

 Набліжаецца да заканчэння змена аздараўленчага лагера “БЭНС” у Гудзевіцкай сярэдняй школе. Шмат прыемных успамінаў пакіне яна ў памяці маленькіх выхаванцаў. Экскурсія на пажарна-аварыйны выратавальны пост аграгарадка Лунна, паездка ў горад Гродна, неаднаразовае наведванне басейна “Прынёманскі”, забаўляльная праграма ад Сымоніхі і Лявоніхі, міні-паходы ў Міткаўскі лес, ускладанне кветак на месцы захавання ваенных лётчыкаў, сустрэчы з супрацоўнікамі МНС і шмат іншых мерапрыемстваў. Аднак хочацца з усіх  выдзеліць чаканую сустрэчу з вельмі цікавым чалавекам, вядомым беларускім паэтам Мікалаем Іваноўскім. Нам пашчасціла звацца яго землякамі, таму што нарадзіўся Мікалай Пятровіч недалёка ад аграгарадка Гудзевічы, у маляўнічай вёсачцы Пачуйкі, скончыў у 1969 годзе нашу Гудзевіцкую школу. Паэт расказаў пра сябе, пра свой шлях у лiтаратуру, прачытаў вершы на тэмы, блізкія дзецям, ажывіў дыялог з выхаванцамі цікавымі загадкамі, адказаў на шматлiкiя пытаннi. Большую частку сустрэчы Мікалай Пятровіч прысвяцiў менавiта чытанню вершаў. Чытаў натхнёна i неяк вельмi ж асаблiва.  Глыбокiя, усхваляваныя  радкi  станавiлiся  блiзкiмi i зразумелымi, прымалiся сэрцам i розумам. Пра што б нi гаварыў паэт, ён вяртаўся ўспамiнамi да мiнулага, да свайго дзяцінства, да сваіх каранёў.

Ёсць у Мікалая Пятровіча мара – напiсаць для дзетак яшчэ не адну кнігу, якія  адкрылі б для іх новыя таямніцы, паказалі б мілагучнасць роднай беларускай мовы . Застаецца пажадаць, каб гэтая мара здзейснiлася.

Дзякуй нашаму земляку за шчырыя пачуццi, станоўчыя эмоцыi, за падарунак для нашай школы – новую кнігу “Суквецце любові”, якая была выдадзена з нагоды 70-гадовага юбілею аўтара. Першы раздзел гэтай кнігі прысвечаны каханню ва ўсіх яго праявах, шчаслівае і няшчаснае, што дорыць акрыленасць альбо пакуты, але без якога жыццё немагчыма. Другі раздзел “Памяць не парвецца…”  прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і яе героям,  Чарнобыльскай трагедыі. Назвы наступных раздзелаў гавораць самі за сябе: “А вёсачка вабіць…”, “Пах палёў, збажыны…”, “Байкі і жарты”. Вось такое паэтычнае суквецце свайго жыцця і любові прапанаваў Мікалай Пятровіч сваім чытачам.  Усё гэта абуджае любоў да роднай зямлi, да малой радзiмы, да беларускай мовы. Сустрэча прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы, а шчырае слова паэта нiкога не пакiнула абыякавым.