Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.11.2020

Пра што расказвае фоталетапіс “Мой любы край, мая Мастоўшчына”

Творчы калектыў дзяржаўнай ўстановы культуры “Мастоўская раённая бібліятэка” атрымаў дыплом за перамогу ў абласным конкурсе фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі” у намінацыі “Наш край – наш лёс”.
Арганізатарамі конкурсу выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”.
На суд журы быў прадстаўлены фоталетапіс “Мой любы край, мая Мастоўшчына”. Ён складаўся з шасці раздзелаў: “Масты. Горад над слаўнай ракою”, “Ад фанернага завода братоў Канапацкіх да ААТ “Мастоўдрэў”, “1986г. Святкаванне 500-годдзя з дня заснавання г. Масты”, “Дзяржаўны і палітычны дзеяч Пётр Машэраў на Мастоўшчыне”, “Ва ўсе часы мы разам”, “Горад пяці мастоў”. Фоталетапіс аб’яднаў каля 100 здымкаў, якія адлюстроўвалі гісторыю Мастоўскага раёна, пачынаючы з сярэдзіны 20-х гадоў да канца 80-х гадоў XX стагоддзя. Фотавыявы былі прадастаўлены УК “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”, жыхарамі Мастоўшчыны з асабістых архіваў.
З дапамогай унікальных фотаздымкаў родных мясцін, зробленых у свой час, можна было зазірнуць у мінулае нашага горада, які ўпершыню ўзгадваецца ў 1486 годзе ў адной з кніг Літоўскай Метрыкі, як мястэчка, цэнтр воласці Гарадзенскага павета ВКЛ. 
Фотаздымкі 20-х  XX стагоддзя сведчаць пра пачатак будаўніцтва ў нашым горадзе прадпрымальнікамі братамі Ігнаціем і Вацлавам Канапацкімі Мастоўскага фанернага завода да 70-х гадоў XX стагоддзя. На сучасным этапе ААТ “Мастоўдрэў” з’яўляецца буйным градаўтваральным прадпрыемствам.
Асобнае месца ў фоталетапісе займаюць фотаздымкі пра наведванне летам 1980 года нашага раёна першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Міронавічам Машэравым. Гэта важная падзея адбылася падчас правядзення рэспубліканскага семінара па жывёлагадоўлі на Гродзеншчыне. Удзельнікі семінара пазнаёміліся з работай Мастоўскай райсельгастэхнікі, шэрагам гаспадарак раёна.
Гартаючы старонкі фоталетапісу, можна даведацца пра юбілейныя ўрачыстасці, якія адбыліся ў кастрычніку 1986 года і былі прысвечаны 500-годдзю заснавання горада Масты. На стадыёне “Нёман” было арганізавана маштабнае мастацка-спартыўнае свята, дзе сабраліся кіраўнікі раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, госці, запрошаныя на святочныя ўрачыстасці, удзельнікі мастацка-спартыўнага свята, жыхары горада.
Насычанае грамадска-палітычнае жыццё на Мастоўшчыне было прадстаўлена на фотаздымках 50-х і 80-х гадоў XX стагоддзя. Фотавыявы адлюстроўвалі першамайскія дэманстрацыі і ўрачыстыя шэсці, прымеркаваныя да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, мітынгі, прысвечаныя Вялікай Перамозе, партыйныя канферэнцыі і сходы, сустрэчы з замежнымі дэлегацыямі і інш.
У фоталетапісе прадстаўлены фотавыявы ракі Нёман, якая працякае па тэрыторыі Мастоўшчыны амаль сто кіламетраў. А таксама парома і пантоннага моста праз раку, з дапамогай якіх ў пасляваенныя часы гараджане дабіраліся на работу. Фотаздымкі знаёмяць з гісторыяй будаўніцтва падвяснога пешаходнага маста, які з’яўляецца візітнай карткай нашага горада, любімым месцам адпачынку жыхароў і гасцей райцэнтра.
Фоталетапіс “Мой любы край, мая Мастоўшчына” – гэта памяць аб нашай малой радзіме.
Па матэрыялах сайта раённай газеты «Зара над Нёманам»