Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.12.2020

5 прычын наведаць музей Маці ў Мікелеўшчынскім д/с-СШ

 1.     Адзіны ў раёне

 Наш музей знаходзіцца не ў райцэнтры, а ў вёсцы, калі больш   канкрэтна, то  ў вясковай школе. А  стварэнне   музея  ў   вёсцы -- гэта падзея.  І такі музей Маці – адзіны ў  раёне.

 Маці, мова, Радзіма…Гэтыя   святыя  словы  напоўнены   асаблівым  пачуццем, бо  любоў  да Айчыны  пачынаецца  з пачуцця любові да  маці.  Сёння,   калі   востра  адчуваецца  дэфіцыт  павагі, добразычлівасці, спагады і міласэрнасці,  музей  выконвае  асабліва  важную  ролю  ў  станаўленні чалавека. Духоўная спадчына — выратавальны круг для сучаснікаў. Каб быць годнымі сваіх продкаў, не страціць повязь пакаленняў, узрасціць зерне дабрыні, адказнасці, небходна ведаць гістарычнае мінулае  сваіх  землякоў,  свайго  краю.

 2.     Апантаны справай кіраўнік

 Стварыць  музей – справа  не  з  простых. І  не  толькі   таму,   што  патрабуе   значнай затраты  часу і  асабістых  намаганняў,  але  і  таму, што   трэба  ўзяць  на  сябе надзвычай   вялікую адказнасць.  Такая справа  не кожнаму  пад  сілу.

 У   гэтым  плане   Мікелеўшчынскай  школе, сапраўды, пашанцавала. Такі   чалавек,  адказны,  творчы,  працалюбівы   працуе   ў  нашай   школе.  Знаёмцеся, Тамара   Міхайлаўна   Кандратовіч – настаўнік-прадметнік  і   кіраўнік  музея.          Быць у пастаянным пошуку – жыццёвае крэда  Тамары  Міхайлаўны. Яна   галоўны   дырыжор    у зборы неабходнага матэрыялу для стварэння экспазіцый музея, арганізацыі выстаў  і правядзенні мерапрыемстваў, таму  і  жыве, функцыянуе наш  музей Маці, жыве поўным, насычаным  жыццём,папаўняецца    матэрыяламі    і  радуе   ўсіх   наведвальнікаў.  Яны    частыя  госці  ў  музеі . Да  нас прыязджаюць не толькі з раёна,  вобласці, але і з рэспублікі.

3.     Цікавыя экспазіцыі

 У   музеі   створана    шэсць    экспазіцый,   якія   размешчаны  на   дзевяці   стэндах.Іх    назвы відавочныя:   “Яе  вялікасць – маці”,   “Вечны  агонь  памяці”, “Доблесць  і  слава”, “Афганскі   боль маці”, “Яе гордасць і шчасце”, “Голас мацярыскага сэрца”. Прысвечаны яны  і  мнагадзетным  маці,  і   жанчынам-ветэранам ,  удзельнікам   Вялікай   Айчыннай   вайны ; і жанчынам- маці,  чые   сыны служылі  ў “гарачай кропцы”, у Афганістане; і маці, дзеці якіх праявілі   свой  талент  і незвычайныя здольнасці, таму  іх  імёны добра  вядомы  ў горадзе  над Нёманам і за яго межамі. Досыць  цікавы матэрыял  сабраны  аб  іх, лепшых  людзях  Мастоўшчыны:  спартсменах,   кандыдатах   і   дактарах навук , вядомых  журналістах  і  заслужаных дзеячах  тэатра  і кіно.  

 У  музеі   Маці  сабраны  багаты  матэрыял, які  спрыяе  фарміраванню  духоўнасці ў маладых душах,  выхаванню  лепшых  маральных  якасцей   чалавека.Нават  кволыя  ўсходы  дадуць  добры ўраджай,калі  іх  наталяць   вільгаццю.

Кранае за душу, не пакідае раўнадушным экспазіцыя, што прысвечана сем'ям, якія падаравалі цеплыню сямейнага  ачага  дзецям-сіротам.


4.     Персанальныя выставы

  У гэтым годзе настаўнікі, вучні і супрацоўнікі школы сталі   першымі     сузіральнікамі,  слухачамі  – аднадумцамі,  магчыма,    будучай знакамітай   мастачкі   Вікторыі   Ярашук.  Прыемна   і  радасна,   што   выстава   “Юны мастак”   была наладжана  да  Дня настаўніка  і адкрыта  для наведвальнікаў  да  Дня маці. Гэта своеасаблівая   ўдзячнасць   юнай     мастачкі     настаўнікам   школы    і,  канечне   ж,   сваёй    маці, настаўніцы   рускай    мовы   і  літаратуры    Марыне     Станіславаўне     Ярашук.   Вучні,   настаўнікі,     супрацоўнікі   школы   былі  ў   захапленні.  Скажу   без   перабольшвання:  слухалі,  як  зачараваныя,   аповед   Вікторыі,   які  суправаджаўся  прэзентацыяй.

 Яркія,  запамінальныя    вобразы,  важныя    падзеі  сям’і, цікавыя   людзі    сваёй   мясцовасці, маляўнічыя  краявіды  малой  радзімы – усё гэта і ёсць  той выток, тая крыніца, што жывіць творцу   і  яго  творчасць,  натхняе  на   здзяйсненні,  наталяе    духоўную   смагу. Усё   можа  родная   зямля: накарміць сваім хлебам, напаіць са сваіх крыніц, здзівіць сваёй прыгажосцю. Той, хто захапляецца навакольным   светам  бацькаўшчыны ,  імкнецца    выразіць  свае   пачуцці  алоўкам  ці  пэндзлем,  словам  ці  голасам , сапраўды ,  знітаваны  з  родным   краем “ і сэрцам, і думамі… “ 

     

 5.     Фэсты, святы, музейныя ўрокі     

 Музей   трэба  “жывіць”, як  крыніца  жывіць   раку,   возера, толькі   тады   ён   стане    жывым арганізмам.  Таму тут,у  музеі, праводзяцца класныя  гадзіны, фальклорныя святы,фэсты,музейныя ўрокі,  ладзяцца   прэзентацыі, тэматычныя  і  персанальныя  выставы.

  Выстаў тут было мноства, самых розных, цікавых і запамінальных: “Матуліны  рукі  самыя ўмелыя”   (вырабы з бісеру А.С.Лучко),  “Рукі залатыя, рукі   майстравыя” (майстра   вышыўкі   і  вязання С.М.Маскевіч), “Дрэва, якое  ажывае  ў  руках” (драўляныя  вырабы З.А.Давыдзік), “Родныя краявіды” (выстава фотаработ  Г.І.Васілеўскай).

 Запомніліся і такія мерапрыемствы, як “Дзякуй   салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны…” (  класная   гадзіна-памяць),  “Хатка  з     матчынай    душой”   (фальклорнае   свята),       “Славутыя  людзі    Мастоўшчыны” (вусны   часопіс)   і   іншыя.

 Наш   музей – храм   дабрыні  і  чалавечнасці, дзе  можна  атрымаць урокі духоўнасці, любві  да бліжняга. Гэта тая адпраўная кропка, якая  дае штуршок  задумацца  аб прызначэнні  чалавека на Зямлі, аб тым, што кожны з нас прыходзіць у свет не разбураць, а ствараць.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам"