Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
26.01.2021

Кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай у 2021 годзе не перасягне Br1152 - Пархамовіч

  Кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай у 2021 годзе не перасягне Br1152. Аб гэтым заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч у інтэрв'ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА. "Што датычыцца будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай, то ў бягучым годзе цана за квадратны метр не перасягне Br1152. Тым самым мы выканаем паказчык па суадносінах кошту 1 кв.м з дзяржпадтрымкай і сярэднямесячнай заработнай платы. Што датычыцца камерцыйнага жылля, думаю, цану будуць фарміраваць попыт і кошт асноўных будаўнічых матэрыялаў", - сказаў Руслан Пархамовіч. У Беларусі за гэты год плануецца пабудаваць 4 млн кв.м жылля. У сувязі з уводам АЭС будзе будавацца больш дамоў, у якіх электраэнергія будзе выкарыстоўвацца для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. "Калі ў 2018 годзе мы ўводзілі ў строй крыху менш як 6 тыс. кв.м электрыфікаванага жылля, то ўжо ў 2020-м - больш за 100 тыс. кв.м. На бягучы год запланавана будаўніцтва прыкладна 170 тыс. кв.м такога жылля, тым самым мы наблізімся да паказчыка 5 працэнтаў ад агульнага ўводу", - адзначыў міністр. Акрамя таго, у краіне будзе ўзведзена 95 тыс. кв.м арэнднага жылля за кошт бюджэтных сродкаў. Руслан Пархамовіч падкрэсліў, што гэтага недастаткова, і попыт відавочна перавышае прапанаванне. У гэтым годзе будзе завершана рэалізацыя двух буйных інвестыцыйных праектаў у нафтаперапрацоўчай галіне (на Мазырскім НПЗ і "Нафтане"), прадоўжыцца будаўніцтва Беларускай АЭС. Сярод важных для Мінбудархітэктуры праектаў на бягучы год - будаўніцтва вытворчасці шклатары і завяршэнне будоўлі ў "Краснасельскбудматэрыялах", звязанай з выкарыстаннем RDF-паліва ў цэментнай прамысловасці. Акрамя таго, у Беларусі будуць узводзіцца аб'екты аховы здароўя і транспартнай інфраструктуры, дзіцячыя сады і школы. Міністр таксама падвёў вынікі 2020 года. Паводле яго слоў, у мінулым годзе прадукцыйнасць працы ў будаўнічай галіне вырасла больш як на 3 працэнты. Вялікая ўвага ўдзялялася аб'ектам, якія доўгі час заставаліся незавершанымі. За 2020 год было завершана будаўніцтва больш як 200 такіх праблемных аб'ектаў. "Мы практычна вырашылі праблему з даўгабудамі. Па стане на 1 студзеня 2021 года ў нас ёсць толькі два праблемныя дамы па ўсёй краіне. Яны знаходзяцца ў Мінску. Мінгарвыканкам актыўна вырашае пытанне па завяршэнні будаўніцтва гэтых дамоў", - праінфармаваў Руслан Пархамовіч. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.