Главная / Новости / Новости района
14.06.2021

Пад цымбалы і гармонік. Ансамбль “Ярыца” прыняў удзел у Міжнародным фестывалі народнай музыкі ў Паставах

 З дыпломамі, сувенірамі і яркімі станоўчымі ўражаннямі вярнуўся народны ансамбль “Ярыца” Мастоўскага РЦК з Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які прымалі гасцінныя Паставы.

Сёлетні фэст, заручыўшыся падтрымкай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Пастаўскага райвыканкама, сабраў дэлегацыі з Беларусі, Расіі, Кітая і Карэі – усяго каля трох соцен удзельнікаў. Безумоўна, калі б не пандэмія, гасцей было б намнога больш, бо цікавасць да фестывалю вялікая: за трыццаць гадоў свята наведала больш за 150 тысяч турыстаў і гледачоў, у яго творчых спаборніцтвах паўдзельнічала звыш 10 тысяч музыкаў з 20 краін свету.

Гродзенскую вобласць сярод музыкантаў, аматараў і знатакоў народнай музыкі і творчасці ў гэтым годзе дастойна прадставіў калектыў Мастоўскага раённага цэнтра культуры “Ярыца”.

– Наш ансамбль выступаў на галоўнай фестывальнай сцэне, адкрываў заключны канцэрт, а таксама прымаў удзел у конкурснай праграме. У намінацыі “Прыпеўкі” дыпломам былі адзначаны салісткі Людміла Гайдаш і Таццяна Мінько. Атрымала “Ярыца” і дыплом удзельніка ў намінацыі “Ансамбль”, – расказвае кіраўнік калектыву Шаміль Тайраў.

Дарэчы, гэта не першы вопыт удзелу ў фестывалі мастаўчан: у 2006 годзе “Ярыца” была дыпламантам фестывалю, а ў 2016 атрымала дыплом III  ступені за папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый.  













Трэба адзначыць, што ўсе мерапрыемствы свята ў Паставах былі прысвечаны Году народнага адзінства, а значыць, тэме ўзаемаразумення, згуртавання і прымірэння. Сродкі для гэтага былі абраны асаблівыя: народныя песні, танцы, абрады, традыцыі. Адным словам, фестываль звінеў, іграў – гасцей музыкай ды творчасцю аб’ядноўваў!

– Мы пакідалі гасцінную пастаўскую зямлю з удзячнасцю за цёплы прыём, цудоўную арганізацыю свята, магчымасць падарыць нашу творчасць, кавалачак нашай натхнёнай музыкай душы ўдзячным гледачам, – адзначае загадчык сектара культуры райвыканкама, прадстаўнік дэлегацыі Мастоўскага раёна Анастасія Палуйчык. – Прыхільнікі народнай музыкі, у тым ліку і мастоўскія, атрымалі асалоду ад новых знаёмстваў, шматлікіх майстар-класаў, музычна-тэатральных прадстаўленняў, канцэртаў і выстаў. Мы кажам фестывалю: “Да новых творчых сустрэч!”.

По материалам сайта районной газеты "Зара над Нёманам"