Афіцыйны сайт
15 кастрычніка 2018

Закрыццё БІБЛІЯКАРАВАНА “Кнігі будуюць МАСТЫ”. PR-акцыя “Бібліятэка вітае сяброў”

14 верасня БІБЛІЯКАРАВАН “Кнігі будуюць МАСТЫ”, арганізаваны ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”, прышвартаваўся да вострава пад назвай “Бібліятэка”, завяршыўшы сваё падарожжа.
У апошні дзень усіх удзельнікаў БІБЛІЯКАРАВАНА чакала PR-акцыя “Бібліятэка вітае сяброў”, прымеркаваная да Дня бібліятэк Беларусі.
Перад пачаткам мерапрыемства бібліятэкары разам з Буслікам, які падабаецца многім мастаўчанам, выйшлі на цэнтральную вуліцу горада, каб уручыць яго жыхарам флаеры “Час чытаць!” з інфармацыяй пра бібліятэку і запрашэннем на заключныя мерапрыемствы БІБЛІЯКАРАВАНА. Затым PR-акцыя працягнулася ў сценах бібліятэкі. Вядучыя мерапрыемства расказалі пра прафесію бібліятэкара, пазнаёмілі з гісторыяй бібліятэчнай справы раёна. Загадчыца сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Палуйчык Анастасія Валер'еўна павіншавала супрацоўнікаў бібліятэчных устаноў раёна і чытачоў са святам – Днём бібліятэк Беларусі. Па шматлікіх просьбах чытачоў Трафімчык Караліна прачытала верш “Самавітая дама”, тым самым выклікаўшы поўнае захапленне ў гледачоў. У выкананні загадчыка філіяла “Сельскі клуб “Мікелеўшчына” Лішко Івана, актыўных чытачоў Каржэцкай Жанны (Харціцкая сельская бібліятэка) і Ківер Таццяны (Дубненскай сельская бібліятэка) прагучалі “Песенка пра чытачоў”, байка “Жанчыны Беларусі”, песня “Васількова неба”. Нечаканым сюрпрызам для ўсіх, хто сабраўся, стала з'яўленне на свяце казачніка Андэрсэна, які правёў з юнымі ўдзельнікамі мерапрыемства літаратурную гульню па сваіх казках. Андэрсэн пажадаў дарослым і дзецям чытаць і любіць казкі.
У рамках БІБЛІЯКАРАВАНА адбылася прэзентацыя бібліятэчных падворкаў “Штурманы кніжных мораў”, працу якіх арганізавалі супрацоўнікі бібліятэчных устаноў раёна. Кожны падворак быў цікавым і аформлены з фантазіяй і выдумкай.
Гудзевіцкая сельская бібліятэка-цэнтр нацыянальнай культуры і Стралецкая сельская бібліятэка запрасілі дзяцей і дарослых на “Поле цудаў” сустрэцца з героямі казкі А.Талстога “Залаты ключык або Прыгоды Бураціна” і паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах
Пескаўская і Струбніцкая сельскія бібліятэкі пазнаёмілі гасцей свайго падворка з гісторыяй узнікнення традыцыйнай цацкі беларускага народа. А дзед Міхед і бабуля Гануля прадэманстравалі беларускія цацкі: саламяныя конікі, дрэва-свістулькі, лялькі з тканіны, саломы, дрэва і паперы, саламянага павука, дамавікі з беларускага лёну, а таксама расказалі аб іх значэнні і выкарыстанні ў сямейных і каляндарных абрадах. У выкананні Аляшук Т.М. прагучала песня “Вёсачка мая”. У рамках падворка дэманстравалася кніжная выстава “Беларуская цацка”.
Пірагамі, салодкай выпечкай, квасам, наліўнымі яблыкамі частавалі на сваім падворку Зарудаўеўская, Пацавіцкая і Рагозніцкая сельскія бібліятэкі, а таксама запрашалі патанцаваць пад песні ў выкананні калектыва аматарскай творчасці “Чараўніцы” філіяла “Пацавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры”. На падворку дзейнічала кніжная выстава “Рознакаляровая зямля Беларусі”.
Удзельнікі падворка, які арганізавалі Дубненская і Харціцкая сельскія бібліятэкі, зарадзілі гасцей вясёлым настроем. Кніжная выстава “Хіт-парад дзіцячых кніг”, печка, фотазона, казачнае дрэва з пытаннямі віктарыны – так выглядаў імправізаваны бібліятэчны падворак. А каларытная Баба-Яга і Нязнайка забаўлялі дзяцей і дарослых гульнямі, конкурсамі, запрашалі ў танец-гульню, калі трэба было паўтараць пэўныя танцавальныя рухі.
Вясёлымі конкурсамі, пазнавальнымі віктарынамі, салодкімі пачастункамі, смачнай выпечкай, казачным варэннем з хваёвых шышак, ажыны зазывалі на сваё падвор'е Мікелеўшчынская, Мілявіцкая і Правамастоўская сельскія бібліятэкі. Тут можна было прыняць удзел у майстар-класе па пляценню з газетных трубачак, паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах.
Па выніках агляду-конкурсу журы ўзнагародзіла лепшыя бібліятэчныя падворкі дыпломамі пераможцаў. Сераброўская Ірына Яўгенаўна, старшыня раённага савета ветэранаў ўручыла членам аматарскага аб'яднання “Зносіны”, якое створана і актыўна працуе пры Пескаўскай сельскай бібліятэцы, заахвочвальны прыз.
Для хлапчукоў і дзяўчынак на пляцоўцы каля бібліятэкі правялі квэст-гульню “Чароўная краіна Оз”. Паштальён ўручыў заданні двум камандам, выконваючы якія дзеці прайшлі па маршруце квэст-гульні і знайшлі скарб.
А яшчэ ў бібліятэцы “вырасла” “Кніжная яблынька”, дзякуючы якой кожны жадаючы сарваўшы лісток з дрэва, мог атрымаць рэкамендацыю да прачытання якой-небудзь кнігі. Таксама была арганізавана фотазона “Прымер касцюмчыкі”, зробленыя са старых газет і часопісаў. Дзейнічала выстава “Інфармацыйны фарватэр”, на якой былі прадстаўлены матэрыялы па гісторыі бібліятэчнай справы раёна.
Завяршылася падарожжа флэшмобам “Бібліятэкі былі, ёсць і будуць!”, калі ўсе ўдзельнікі БІБЛІЯКАРАВАНА адпусцілі ў неба паветраныя шары, адначасова паўтараючы фразу “Бібліятэкі былі, ёсць і будуць!”.
Калектыў ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” выказвае падзяку ДУ “Мастоўскі раённы цэнтр культуры", клубным установам раёна, усім чытачам і гасцям, якія прынялі ўдзел у БІБЛІЯКАРАВАНЕ.