Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.03.2020

Развіццё раёна і горада, якія пытанні хвалююць люддзей - з калектывам Мастоўскай ЦРБ сустрэўся старшыня райвыканкама Юрый Валяваты

Грунтоўная размова адбылася ў калектыве Мастоўскай ЦРБ з удзелам старшыні райвыканкама Юрыя Валяватага. Былі закрануты пытанні развіцця горада і раёна, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, якасці аказання медыцынскіх паслуг і сітуацыі з каронавірусам.
Юрый Мікалаевіч пазнаёміў медыцынскіх работнікаў з ключавымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Мастоўскага раёна. Былі адзначаны станоўчыя тэндэнцыі ў экспарце тавараў і паслуг, прыцягненні прамых замежных інвестыцый, стварэнні новых працоўных месцаў і інш.
Пазначыў кіраўнік выканаўчай улады раёна і тыя праблемныя моманты, якія асабліва яго хвалююць. Гэта, у прыватнасці, аплата працы, адток людзей з раёна і зніжэнне колькасці занятых у эканоміцы, стан дарог і ўстаноў сацыяльнай сферы, у тым ліку і медыцынскіх.
- За апошнія гады зроблена нямала па рамонце і прывядзенню ў належны стан медустаноў раёна, аснашчэнню іх абсталяваннем, але праблемы застаюцца, і мы іх ведаем, - падкрэсліў Юрый Мікалаевіч.      - Будзем вырашаць пытанне па харчблокам раённай бальніцы і па іншых аб'ектах.
Таксама кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на павышэнні якасці аказання медыцынскіх паслуг насельніцтву, уважлівым стаўленні да людзей, якія звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Не абышлі і тэму каронавіруса, інфармавання людзей пра інфекцыю і мерах прафілактыкі.
Прагучалі пытанні і ад медыкаў. Іх цікавіла, дзе можна купіць прадукцыю ААТ «Мастоўдрэў», у прыватнасці, ламінат, калі чакаць добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі па праспекце Міра, 10, ці будуць у горадзе і раёне ў бліжэйшы час стварацца новыя прадпрыемствы. А работнікаў хуткай медыцынскай дапамогі хвалявала, што з-за разрослых ў дварах дрэў новыя машыны хуткай дапамогі, якія некалькі вышэй за сваіх папярэдніц, не ўсюды могуць праехаць. На ўсе пытанні былі дадзены поўныя і грунтоўна адказы.
У канцы сустрэчы старшыня райвыканкама падзякаваў калектыў ЦРБ за працу, адзначыўшы дастойны ўклад кожнага работніка ў агульную справу.
Па матэрыялах сайта газеты "Зара над Нёманам»