Галоўная / Навiны / Навiны раёна
13.01.2020

15 студзеня 2020 года спаўняецца 80 гадоў з дня стварэння Мастоўскага раёна

15 студзеня 1940 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у складзе Баранавіцкай вобласці быў створаны Мастоўскі раён. 
З чаго ўсё пачыналася 
На той час ён складаўся з 11 сельскіх Саветаў. У іх ліку былі Мастоўскі, Галынкаўскі, Асаўлянскі, Пескаўскі, Белавіцкі, Пацевіцкі, Курылавіцкі, Азёркаўскі, Міжэўскі, Рагозніцкі і іншыя.
 У Мастах, дзе пражывала 2 тысячы чалавек, быў створаны пасялковы савет з правамі гарсавета. Насельніцтва раёна склала 40 500 чалавек, тэрыторыя – 600 квадратных кіламетраў. 
Насельніцтва раёна налічвалася 137 населеных пунктаў. Адлегласць да абласнога цэнтра было 100 кіламетраў. Актыўна ішлі сацыяльна-эканамічныя і культурныя змены. Ствараліся савецкія, гаспадарчыя, фінансавыя органы. 
У снежні 1940 года прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Старшынёй Мастоўскага райвыканкама быў абраны Мікалай Сцяпанаў. На сесіі райсавета зацвердзілі старшыняў і сакратароў сельскіх Саветаў. Сярод іх – шмат былых падпольшчыкаў. Так, старшынёй Курылавіцкага сельсавета стаў Юльян Дубіцкі, Азёркаўскага – Іван Конюшэўскі, Міжаўскага – Мікалай Рудзяк, Гудзевічскага – Мікалай Іваноўскі. 
Усе яны з'яўляліся членамі КПЗБ, актывістамі руху за сацыяльную і нацыянальную незалежнасць краіны. Напрыклад, Мікалай Іваноўскі быў сакратаром Лунненскага падпольнага райкама КПЗБ, сядзеў у Гарадзенскай турме, дзе падвяргаўся катаванням, але не выдаў сваіх таварышаў. У польскай турме сядзеў і Аляксей Мандзік – сакратар Самуйлавічскага сельсавета. 
У 1940 годзе адбыліся першыя выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. Дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па Мастоўскаму выбарчай акрузе стаў рабочы чыгуначнай станцыі «Масты» Павел Івановіч, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР – майстар Мастоўскага лесазавода Ніна Стома.
Пераўтварэнні ў эканоміцы 
Органы новай улады прыступілі да карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Усе прамысловыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны. У Мастах мелася электрастанцыя, фанерны і лесапільны заводы. На фанерным заводзе ў 1940 годзе працавала 900 чалавек і было выпушчана 16 000 кубаметраў фанеры. 
Найбуйнейшым прадпрыемствам лічыўся Рагозніцкі крухмальны завод. У раёне пачалі дзейнічаць бальніца, райбыткамбінат, швейная арцель, Мехоўскі лесазавод, Мастоўская рыбалоўчая арцель. 
Адкрываліся сталовыя, пякарні, крамы. Кіраўнікамі многіх прадпрыемстваў сталі дасланыя з усходніх абласцей Беларусі дасведчаныя гаспадарчыя кадры. Так, дырэктарам фанернага завода быў прызначаны Сяргей Аквіцкі. Белавіцкую МТС узначаліў Ігнат Кавалёў.
 Адчувальныя змены адбываліся ў сельскай гаспадарцы. На былых памешчыцкіх землях арганізоўваліся калектыўныя гаспадаркі, а таксама ўступалі ў калгасы сяляне. У жніўні 1940 года ў раёне іх было 10 калгасаў. Да канца года колькасць павялічылася да 20. 
Найбольш паспяхова дзейнічалі калгасы «Чырвоная зорка» ў Струбніцы і «1Мая» у Вялікай Рагозніцы. 
На базе панскага маёнтка ў вёсцы Бялавічы была створана першая ў раёне машынна-трактарная станцыя. Над ёй узяла шэфства Асіповіцкая МТС, якая даслала сюды спецыялістаў, механізатараў і некалькі трактароў. 
Ваеннае ліхалецце 
У мірную працу жыхароў раёна ўмяшалася вайна . На тэрыторыі раёна ў першыя дні вайны ішлі жорсткія баі ля вёсак Лунна, Дубна, Сінявічы, Малькавічы, Каралі, Дварок, на рацэ Ельня. Баявое хрышчэнне атрымалі ў першыя дні вайны лётчыкі Данілаў і Пратасаў, якія збілі нямецкія самалёты. Буйная бітва, у якім удзельнічала некалькі дзясяткаў танкаў, прайшла каля вёскі Пескі. Тут савецкія танкісты на некалькі дзен затрымалі ворага. 
25 чэрвеня 1941 года Масты былі акупаваныя нямецкімі войскамі. Але насельніцтва не скарылася ворагу. На тэрыторыі раёна арганізоўвалі антыфашысцкія групы. Цэнтрам партызанскага руху стала Ліпічанская пушча. Адна з першых груп сапраціўлення была створана ў канцы 1941 года Паўлам Булаком. 
Усяго на тэрыторыі Мастоўшчыны дзейнічала 15 партызанскіх фарміраванняў, у ліку якіх «Ленінская брыгада», брыгады «Перамога», імя Ленінскага камсамола, імя Кастуся Каліноўскага. Вельмі актыўна вёў барацьбу з ворагам партызанскі атрад «Красногвардейский», якім камандаваў былы акружэнец, які ўцёк з фашысцкага палону, Іван Калашэйнаў. 
Атрад складаўся ў асноўным з жыхароў вёсак, прымыкающых да Ліпічанскай пушчы, Маскалі, Шесцілы, Руды Ліпічанскай і іншых. Шэрагі партызанскіх атрадаў папаўнялі былыя акруженцы, а таксама мясцовае насельніцтва, у асноўным моладзь. Гітлераўцы нанеслі невычэрпныя бедствы насельніцтву Мастоўшчыны. 
Увесь свет абляцела вестка аб трагедыі вёскі Княжеводцы, якая раздзяліла лёс Хатыні. Падобныя крывавыя злачынствы карнікі ўчынілі ў вёсках Задвор'е, Чарленка, Шчара, Шымкі, Пясчанка, Баяры. За гады вайны нямецка–фашысцкія захопнікі расстралялі, замучылі і спалілі 2681 чалавека. Каля 800 жыхароў раёна былі вывезены на працы ў Германію. Пад акупацыяй Мастоўшчына знаходзілася да 10 ліпеня 1944 года.